Падчас фестывалю адбудуцца народныя каляндарныя святы і шэраг тэматычных конкурсаў. У праекце прымуць удзел носьбіты і пераемнікі мастацкіх традыцый клубных устаноў і дзіцячых школ мастацтваў. Гэта аўтэнтычныя, фальклорныя калектывы, танцавальныя пары-выканаўцы, калектывы народных побытавых танцаў, народныя музыкі, майстры традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рамесніцкіх вырабаў, апавядальнікі народнай прозы і іншыя прадстаўнікі мастацкай творчасці, якія вывучаюць, пераймаюць і папулярызуюць аўтэнтычную культуру свайго краю.
Адкрыццё фестывалю запланавана на 22 лютага. У гэты ж дзень пройдзе першае зімовае свята з удзелам выканаўцаў, калектываў і майстроў Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага раёнаў.
Фестываль фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя» праводзіцца ў мэтах вывучэння, аднаўлення і захавання мясцовых (лакальных) традыцыйных культур, фарміравання каштоўнасных арыенціраў беларускага грамадства ў накірунку асэнсавання значнасці традыцыйнага мастацтва ў сістэме сучаснай беларускай і сусветнай культуры; выхавання падрастаючага пакалення сродкамі народнай спадчыны, арганізацыі традыцыйных форм вольнага часу.