4 мая 2024, 18:00
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 05 сентября 2018 21:26

І ўсе яго пачаткі сялянскія — ад маці, поля, плуга...

Вось ужо 37 год як перастала біцца сэрца слаўнага сына Краснапольшчыны Аляксея Пысіна. Але памяць пра нашага выдатнага земляка застанецца з намі, яго нашчадкамі, з тымі, хто з павагай і ўдзячнасцю зноў і зноў учытваецца ў яго рыфмаваныя радкі, назаўсёды.

Цытаваць Пысіна — занятак прыемны! Больш таго карысны. Працытаваныя радкі, строфы прыносяць не толькі эстэтычную асалоду сваёй натуральнасцю і дасканаласцю, яны яшчэ прымушаюць думаць і перажываць. Адбываецца той складаны ачышчальны працэс, які старажытныя называлі катарсісам. А гэта, як вядома, прывілея высокай паэзіі.

...Ён доўга выношваў кожны свой верш. Як маці — дзіця, яблыня — яблык, поле — хлебны колас. Ён быў сынам сялянкі і селяніна. І ўсе яго пачаткі сялянскія — ад маці, поля, плуга, каня, птушкі, хаты.

У Аляксандра Пушкіна ёсць цікавы крылаты выраз, які А. Пысін не аднойчы нагадваў сваім сябрам: «Павага да мінулага — вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікунства...». Паэт з павагай адносіўся да мінулага, да гісторыі і культуры, увогуле, да памяці продкаў і гэтаму вучыць нас, сваіх суайчыннікаў. І таму вельмі ўзнёсла гучыць сёння яго запавет: беражыце прыроду, беражыце помнікі гісторыі, помнікі культуры, беражыце і шануйце памяць бацькоў і дзядоў, продкаў вашых, бо той, хто забывае мінулае, не мае будучыні:

Жні, нашчадак, жні,
Касой касі,
Толькі здуру не тапчы нагамі.

Мінулае ў Пысіна гаворыць голасам лірычнага героя, чый лёс блізкі лёсу самога паэта. І сябе самога ён адчувае не інакш, як сувязным паміж былым і наступным. Адсюль і вострая памяць на пражытае, і ўпэўненасць, што лепш за яго аб перажытым ніхто не раскажа. Паэзія Пысіна, уласна кажучы, і ёсць мастацкае ўвасабленне гэтай адказнасці. У яго шмат вершаў, якія хочацца запомніць, зрабіць сваім душэўным набыткам. Вось як, напрыклад, гэты шырокавядомы шэдэўр яго лірыкі:

Забыта многа ў жыцці,
З дарог змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.
Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы —
І адзавецца мне здалёк
Мой продак — сейбіт незнаёмы,
Жней невядомых галасы
Ўсплывуць над постаццю сухою.
Раскалыханы каласы
Густой паўдзённаю смугою.
Тут даспявае пад смугой
Зліццё надзей, жаданняў сумесь.
Гудзе жытнёвы провад мой —
Часоў былых і новых сувязь.
І даспявае далягляд
У трапяткім мембранным гуле.
Шукаюць рукі тых зярнят,
Каб нас таксама дзесь пачулі.

Залатая нітка гісторыі — той провад, які аб’ядноўвае, родніць нас з продкамі нашымі, каму мы больш абавязаны, чым часам думаем. Бацькам, продкам мы абавязаны ўсім: і тым, што карыстаемся створанай імі мовай. ...Гэтая сардэчная, немітуслівая любоў да жыцця, да людзей, да тых мясцін, дзе нарадзіўся паэт, дзе ён жыў (для Пысіна — гэта Магілёўшчына, Краснапольскі раён, Жалезніца, Касцягаўка, Горна і вёска маці — светлыя Мануйлы) вельмі ж кранае.

Пысінская паэзія — з’ява ўнікальная і фенаменальная ў беларускай літаратуры. У паэзіі Пысін заняў месца поруч з Янкам Купалам, Аркадзем Куляшовым, Піменам Панчанкам, а ў паказе вайны ўзняўся да ўзроўню творчасці Васіля Быкава, Канстанціна Сіманава, Аляксандра Твардоўскага. І я ўпэнена, правы тыя, хто сцвярджае, што «Пысін у паэзіі — гэта Быкаў у прозе».

Васіль Быкаў пісаў: «...Чаму я люблю яго вершы? Яны вабяць перш за ўсё сваёй сутнасцю. Калі б ён пісаў нават без рыфмы, так сказаць, белым вершам, то і тады было б яго цікава чытаць. Талент, ён вызначае густ, безумоўна. Манера паэзіі Пысіна ідзе з яго маладосці. Ідзе з вайны, бо на вайне Пысін быў салдат. А салдат гэта не пасада, хоць яна пазначана ва ўсіх штатах, штатных раскладах, так сказаць, вайсковых. Гэта чалавечная сутнасць склалася, відаць, у тыя гады, калі не было месца для фальшу. Мне вельмі дорага гэтая франтавая і салдацкая сутнасць Пысіна — Чалавека, Пысіна — Паэта».

А. Пысін быў вельмі ўважлівым да маладых літаратараў. На Магілёўшчыне з яго непасрэдным удзелам штогод праводзілася вучоба для пачынаючых паэтаў і празаікаў. Многія з тых, хто вучыўся паэтычнаму майстэрству ў Аляксея Пысіна, занялі сваё пачэснае месца на паэтычным алімпе. Сярод іх лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, паэтэса Раіса Баравікова. Пад час адной з сустрэч ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі на вечарыне, прысвечанай Аляксею Пысіну: «Мы свет нанова адкрывалі...», Раіса Андрэеўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра настаўніка, першае знаёмства з якім адбылося ў рэдакцыі Быхаўскай раённай газеты. На думку вучаніцы А. Пысіна, яе настаўнік — глыбінны паэт, паэт-філосаф. Яна заўважыла, што Аляксей Васільевіч быў зусім не публічным чалавекам, вельмі сціплым, дабразычлівым да моладзі, заўсёды імкнуўся дапамагчы і падтрымаць. У выкананні Раісы Баравіковай там, на вечарыне, прагучалі радкі з аўтарскага верша памяці А. Пысіна:

Вайна яшчэ не адышла.
Для адыходу — веку мала.
Краіне прозвішчы дала,
а тых, хто іх насіў, забрала.
Сцяна завей, сцяна дажджоў
так ненадзейна прыкрывала, —
ў сваю дывізію пайшоў,
бы куля з той вайны дагнала.

«Дзякуючы Аляксею Пысіну сёння ёсць Баравікова», — адзначыла паэтэса.

Выязджаў Пысін на літаратурныя чытанні ў Мінск, Віцебск і іншыя гарады, у некаторыя раёны рэспублікі. Аляксей Васільевіч з радасцю прымаў і запрашэнні на літаратурныя чытанні, як цяпер гэта гавораць, у бліжняе зарубежжа: з рускімі паэтамі на Браншчыне, у Сібіры, на зямлі смаленскай; з украінцамі — у Чарнігаве, Роўне, Кіеве; з казахамі, кіргізамі, узбекамі — у Ташкенце; з латышамі — у Рызе; з літоўцамі — у Вільнюсе. А сам з беларускай гасціннасцю прымаў у Магілёве прадстаўнікоў Сібіры — Віктара Астаф’ева, з Масквы — Сяргея Красікава і Рыгора Куранева, са Смаленска — Веру Звяздаеву, з Паўночнай Асеціі — Аляксандра Пухаева, з Кіева — Пятра Гарэцкага, з Чарнігава — Станіслава Рэп’яха...

Ён вельмі любіў бываць на роднай Краснапольшчыне. У такія хвіліны час спыняўся для яго і ён мог гадзінамі прасядзець на ўзгорку каля дарогі «Краснаполле — Высокі Борак», а мог доўга размаўляць з бусламі, што ўладкаваліся на дубах каля вескі Мануйлы.

Вось такі прыемны ўспамін з пысінскіх падарожжаў.

«Ужо нараджаўся досвітак, калі Аляксандр Капусцін і Аляксей Пысін вярталіся ў Жлобін. На дарозе, абапал якой роўнымі радкамі раслі стройныя бярозы, утварыўшы прыгожую алею, машына збавіла ход.

— Каб салаўёў не палохаць, — растлумачыў старшыня калгаса Васіль Васільевіч Прыліпка, які праводзіў нас.— Мы заўсёды тут едзем памалу. — І прапанаваў: — Давайце спынімся на хвіліну, паслухаем.

Хто ж не згодзіцца на такую прапанову.

Салаўі шалелі. Здавалася, птушак было столькі, што сядзелі яны на кожнай галінцы. Іх радасны залівісты пошчак звонка ляцеў усцяж дарогі над шырокімі абшарамі палёў, мы сцішыліся ў захапленні, доўга моўчкі слухалі.

Аляксей Васільевіч глыбока ўдыхнуў чыстае паветра, азваўся ўзрушана:

— Такое наўрад ці прыдумаеш. Усё гэта трэба бачыць і чуць. Але ж якую дужасць дае душы родны край, Радзіма!»

Удумайцеся ў гэтыя радкі, прапусціце іх праз сябе. Чытайце і перачытвайце вершы Пысіна. І кожны з нас зноў і зноў знойдзе нешта сваё, блізкае, зразумелае, шчырае, спагадлівае.

Лідзія ПШАНІЧНІКАВА,
дырэктар ДУА «Палужскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа»

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт