В.А. Марчанка адзначана за добрасумленную працу, значны ўклад у справу адраджэння і захавання нацыянальнай культуры.
У 2018 годзе працоўны стаж Валянціны Аляксандраўны складзе 40 гадоў: 36 гадоў аддадзена працы ў сферы адукацыі, апошнія 4 гады яна работнік культуры.
В.А. Марчанка адносіцца да той катэгорыі людзей, якія рабоце аддаюцца цалкам і займаюцца ёй з любоўю і натхненнем. А яшчэ Валянціну Аляксандраўну характарызуе імкненне да пастаяннага развіцця, пошуку і інавацый. Яе інавацыйныя праекты «Забытае ўваскрашаецца», «Шануй сляды мінулага», «Краснапольскі Арбат», «Фальклорны жыццявір», «Чары сівой даўніны» — творчыя знаходкі ў працэсе захавання і актуалізацыі народнай спадчыны свайго рэгіёну. Праз іх мэтанакіравана, сістэмна і грунтоўна вырашаюцца праблемы збірання і захавання рэгіянальнай народнай культуры, а клубнымі работнікамі засвойваюцца шляхі яе папулярызацыі і актуалізацыі. Кожны з праектаў — водгук на выклікі грамадства і сучаснага культурнага жыцця.
Як метадыст В.А. Марчанка вядзе сістэмную работу па свайму напрамку з кадрамі клубных устаноў па павышэнню іх прафесіяналізма, па распаўсюджванню лепшага вопыту.
Праз правядзенне экспедыцыйных збораў і даследванняў, выданне даследчых работ і зборнікаў, выставачную дзейнасць яна ўносіць значны ўклад у раскрыццё багатага культурнага і духоўнага патэнцыялу Краснапольскага раёна. Толькі за 2017 год праведзены грунтоўныя даследванні, вывучаны і зафіксаваны ўнікальныя культурныя з’явы мінулых стагоддзяў, якія захаваліся асобнымі носьбітамі да нашых дзён. Напрыклад, даследаваны абрад Купалле і сабраны купальскія песні і гульні ўсходняй часткі Краснапольшчыны, што мяжуе з Краснагоршчынай, даследавана ганчарства Краснапольшчыны, рэкруцкія і казацкія песні, што бытуюць на тэрыторыі раёна, апісаны ўнікальныя абрады «Свяча», «Аброчны абед», што яшчэ жывуць у вёсках Казелле, Халмы, Буглаі.
Такія знаходкі не застаюцца на старонках паперы і ў выглядзе фота. Валянціна Аляксандраўна знаходзіць шляхі і сродкі іх далейшага жыцця і распаўсюджвання. Так, матэрыялы Купалля былі выкарыстаны для творчых праграм Купалля ў Александрыі і абласнога праекта «Скарбніца Падняпроўя». Матэрыялы абрадаў «Свяча» накіраваны ў Мінск для ўключэння іх у кніжнае выданне, якое рыхтуецца Я. Крукам і А. Катовіч. З даследчымі матэрыяламі па народным касцюме памежжавай тэрыторыі Валянціна Аляксандраўна запрошана выступіць на навукова-практычнай канферэнцыі ў г. Магілёве, якая адбудзецца ў рамках VI Міжнароднага форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства». Гэта ўжо другі яе ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі. На VI Міжнародны форум, як і папярэднія, запрошаны і народны фальклорны ансамбль «Горскія харашухі», кіраўніком якога яна з’яўляецца. Гэты самабытны калектыў у складзе В.П. Картузовай, Т.І. Шапавалавай, Т.І. Снытка, С.В. Палітыкінай, Т.В. Сава, В.А. Марчанка і яго аўтэнтычны рэпертуар — адметная з’ява і гонар не толькі Краснапольскага раёна, але і ўсяго Падняпроўскага рэгіёну.
Вопыт работы метадыста В.А. Марчанка запатрабаваны абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці — на працягу 2017 года яна двойчы дзялілася вопытам з калегамі вобласці. Стварыла багаты метадычны фонд выдавецкай літаратуры, многія матэрыялы якога прэтэндуюць на сур’ёзнае кніжнае выданне, пра што марыць Валянціна Аляксандраўна, бо людзі прыходзяць і ўходзяць, а «напісанае застаецца».
У Валянціны Аляксандраўны шмат адзнак і ўзнагарод, але, як прызналася яна, кожны знак увагі — гэта стымул і падтрымка, адчуванне еднасці аднадумцаў у рэчышчы стварэння і захавання нацыянальных культурных здабыткаў роднай краіны і сваёй малой радзімы.
В. АЛЯКСАНДРАВА