3 мая 2024, 08:30
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Четверг, 13 июля 2017 15:03

Захоўваючы традыцыі культуры і сяброўства

8 і 9 ліпеня творчыя калектывы і майстры Краснапольшчыны, аматары творчасці прынялі ўдзел у Міжнародным свяце «Александрыя збірае сяброў». І не толькі пабывалі, а яшчэ прывезлі ўзнагароду і прыз спецыяльнага конкурсу Купалля над Дняпром.

Асаблівасцю свята гэтага года стала тое, што акрамя традыцыйных удзельнікаў з ліку беларусаў, расіян, украінцаў імі сталі госці і сябры з Польшчы, Германіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі.

Добра, што свята доўжылася два дні, бо разгледзіць, пачуць, пабачыць усё, што было выстаўлена і адбывалася там, за адзін дзень проста немагчыма.

Рамесным радам і пляцоўкам не было канца, на іх праводзіліся майстар-класы, праз якія можна было засвоіць новыя тэхналогіі, даведацца пра навейшыя матэрыялы і далучыцца да культурных асаблівасцей розных краін. Больш за 200 майстроў дэманстравалі сваю творчасць і ўмельства.

Майстры Краснапольскага раённага Дома рамёстваў у складзе В. В. Маскальковай, Л. М. Седневай, А. М. Ганчарэнка прадставілі вырабы ў тэхніцы саломапляцення, роспісу і разьбы па дрэве, драўлянай скульптуры і прынялі ўдзел у конкурсе «Скарбніца Падняпроўя» (вынікі чакаюцца).

Рэалізаваць сябе ў традыцыйных відах народнага мастацтва і парадаваць гасцей свята народнымі песнямі, абрадавымі замалёўкамі, гульнямі і забавамі маглі аматарскія і прафесійныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы абласцей Беларусі і краін-удзельніц. На шматлікіх пляцоўках адбываліся тэматычныя і канцэртныя праграмы, конкурсы, рэалізоўваліся праекты і шоу.

Народны фальклорны ансамбль «Горскія харашухі» ужо ў чацвёрты раз наведаў Александрыю, кожны раз ён прывозіў сюды свае лепшыя песні і праграмы. На гэты раз разам з групай падтрымкі з ліку ўдзельнікаў самадзейнасці РЦК (Г. Снытка, В. Саранкова, В. Ануфрыева, А. Кузняцова) пасля першага конкурснага этапа ён выйшаў у фінал конкурсу творчых прэзентацый купальскіх вянкоў «Красуй, вянок Александрыйскі». Яго творчая праграма-прэзентацыя «Скажы, вяночак, дзе мой дружочак», заснаваная на аўтэнтычнай спадчыне продкаў, заняла 3-е месца. Удзельнікі прэзентацыі атрымалі дыплом і прыз конкурсу.

Праект «Скарбніца Падняпроўя», рэалізуемы абласным метадычным цэнтрам і заснаваны на ідэі адраджэння абрадаў і народных святаў, аўтэнтычнасці і фальклору, гарманічна ўпісаўся ў ідэю і праграму Купалля.

Удзельнікамі гэтага праекта ад нашага раёна сталі народны фальклорны ансамбль «Горскія харашухі» (кіраўнік В. А. Марчанка), народны ансамбль народнай песні «Шчадрэц» (кіраўнік В. С. Шаршнёва) і індывідуальныя выканаўцы — В. П. Картузова, В. А. Марчанка, М. Л. Пугачоў, В. М. Саранкоў.

Міхаіл Пугачоў чытаў замовы, якія былі сугучны з ідэяй свята, ансамбль «Шчадрэц» з маладым задорам і настроем выканаў песню «Ой, да на даліне каліна», а ансамбль «Горскія харашухі» і яго індывідуальныя выканаўцы прадставілі каларытную тэматычную купальскую замалёўку ў аўтэнтычным характары, напоўненую купальскімі песнямі, народнымі абрадавымі гульнямі, карагодамі, былічкамі, легендамі, жартамі.

Мне, як аўтару і пастаноўшчыку гэтай замалёўкі, хочацца выказаць словы падзякі за ўдзел у ёй і «Горскім харашухам» (В. П. Картузовай, Т. А. Снытка, Т. І. Шапавалавай, В. І. Снытка, С. В. Палітыкінай) і такім аматарам сцэны, як І. Новікавай, А. Кузняцовай, А. Кузняцову, і майстру ігры на гармоніку В. Саранкову.

В. А. Ікан, Т. М. Астапенка, В. М. Саранкоў змаглі прадэманстраваць сваю творчасць у якасці акампаніятараў. Яны дапамагалі ствараць вясёлую атмасферу на адной з тэматычных вуліц, дзе ў рэжыме мабільнасці між іншых працавалі і нашы песенныя калектывы.

Уражанні ад міжнароднага свята «Александрыя збірае сяброў» засталіся самыя добрыя і светлыя. Зносіны з сябрамі і творцамі насычаюць новымі ідэямі, даюць магчымасць пранікнення ў іншую культуру, адшукання агульнай сувязі праз яе. Атмасфера свята прасякнута духам сяброўства і згоды, бо ствараецца яна на аснове самага трывалага — захаванні народных традыцый, павагі да іх, шанавання лепшага ў свеце, будзь яно блізкае ці далёкае.

Валянціна МАРЧАНКА

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт