10 мая 2024, 03:03
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 09 августа 2016 11:56

«Краснапольскі Арбат»

У чацвер, 4 жніўня, на Краснапольшчыне пачала ажыццяўляцца праектная ініцыятыва «Краснапольскі Арбат».

Калі казаць проста, то ў гэты дзень вуліца перад уваходам на цэнтральны рынак ператварылася ў пляцоўку для самарэалізацыі талентаў і магчымасцей звычайных жыхароў раёна і работнікаў культуры. Уся справа ў тым, што па замыслу ініцыятывы, кожны жыхар раёна, кожны сацыяльны аб’ект, любая арганізацыя і нават госці раёна на Краснапольскім Арбаце атрымліваюць магчымасць спяваць песні і чытаць вершы, выстаўляць свае выставы і ладзіць прэзентацыі, праводзіць акцыі, тэматычныя праграмы, дзяліцца навінамі і планамі і г. д. На вуліцу могуць выходзіць мастакі і паэты, артысты тэатра і спевакі, майстры народнай творчасці і іншыя творчыя асобы.

Чацвер — кірмашовы дзень у г. п. Краснаполле, і з раніцы да апоўдня вуліца цалкам напоўнена тымі, хто выйшаў з дому за неабходным таварам. А тут чакана ці нечакана яны трапляюць у культурную прастору! Прастору, якая адкрывае творчым асобам магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і талент, далучыцца да розных відаў мастацтва. А яшчэ, забяспечвае стварэнне і падтрыманне станоўчага іміджу культуры Краснапольшчыны.

Ініцыятыва знайшла падтрымку райвыканкама. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.М. Раманенка падзялілася ўражаннем: «Ініцыятыва пайшла лёгка, без лішняй заарганізаванасці. Адзінае, што хочацца яшчэ раз падкрэсліць для ўсіх жыхароў Краснапольшчыны, — ведайце, Арбат задуманы для вашай рэалізацыі, выходзьце на гэту вуліцу, раскрывайце свае таленты і сэрцы, работнікі культуры вам дапамогуць. Давайце жыць прыгожа, весела, культурна. І не толькі ў Год культуры, а заўсёды».

Наведвальнікамі Краснапольскага Арбата 4 жніўня змаглі стаць сотні жыхароў Краснапольшчыны. Людзі змаглі пачуць і спевы народных песень, і салістаў-вакалістаў: выступіў народны клуб ветэранаў «Дабрыня», ансамбль «Праліца» і «спевакі ад народа» — Л. Бяляцкая, Н. Цыс, А. Арлоўская, Ю. Асіпенка, Д. Кустаў, І. Чаюкоў, інш. Тут адбылася прэзентацыя літаратурнай выставы «Сэрцам роднага слова краніся», якую аформілі спецыялісты ДУК «ЦБС Краснапольскага раёна». Тут можна было паслухаць і пранікнёныя паэтычныя радкі беларускіх паэтаў-класікаў у выкананні бібліятэчных работнікаў. З вуснаў работнікаў РЦК, якія рэгулявалі працэс на Арбаце, А. Кузняцова і І. Чаюкова можна было пачуць навіны культуры раёна і бліжэйшыя планы клубнай сістэмы, і, канешне, рэкламу ажыццяўляемай ініцыятывы.

Вочы радавалі выставы майстроў і майстар-класы РДР, персанальныя выставы твораў народных умельцаў раёна, якіх, спадзяёмся, з кожным чацвяргом будзе ўсё больш.

РК ГА «БРСМ» змог рэалізаваць на мнагалюдным Арбаце акцыю «У школу — з «Добрым сэрцам», у ходзе якой назбіраўся важкі «партфель» са школьнымі прыладамі.

Наведвальнікі Арбата гулялі ў бяспройгрышныя латарэі, набывалі сувеніры, атрымлівалі кансультацыі майстроў, цягнуліся да кніжных выданняў, пускаліся ў скокі пад вясёлыя спевы, абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае — і гэта цудоўна, бо арганізаваць вольны час жыхароў — яшчэ адна з задач ініцыятывы.

«Адчуваецца, што ў Краснаполлі ёсць жыццё!», «Калі б знала, што тут будзе, і ўнучку б разбудзіла, прывяла», «Ой, што за свята тут устроілі! Малайцы!», «А яшчэ так будзе, дык зноў прыду» — такія і падобныя водгукі наведвальнікаў Арбата можна было пачуць і парадавацца за людзей, якія і на кірмашы пабывалі і асалоду атрымалі — адпачылі на Краснапольскім Арбаце і ўдыхнулі глыток культурнага паветра ў натуральным асяроддзі свайго грамадства.

Валянціна Марчанка
Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт