10 мая 2024, 20:02
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Четверг, 14 июля 2016 12:30

Далучыліся да таямніц мінулага

Далучыцца да таямніц сакральнага месца пад назвай урочышча «Ясеневы гай», прыняць удзел ва ўнікальным абрадзе Дзесятуха і проста арганізаваць свой адпачынак у этнастылі змог кожны жыхар нашага раёна, які наведаў у мінулую пятніцу, 8 ліпеня, святую крынічку каля агр. Горы.

Менавіта тут, у маляўнічым куточку Краснапольшчыны, дзе з даўніх часоў кожную 10-ю пятніцу пасля Вялікадня ладзяць абрад Дзесятухі, адбылася цікаўная святочная дзея, удзельнікі якой пазнаёміліся з мінулым свята, паслухалі фальклорныя спевы творчых калектываў, набылі тавары гандлёвых кропак і майстроў раённага Дома рамёстваў, дакрануліся да духоўнай культуры продкаў праз экспанаты этнаграфічных і персанальных выставак.

Пачатак мерапрыемству паклаў невялікі экскурс у мінулае свята, пад час якога метадыст РЦК В.А. Марчанка і ўдзельнікі сацыяльна-культурнага праекта «Забытае ўваскрашаецца» распавялі прысутным аб каранях абрада Дзесятуха і яго асаблівасцях у розныя часы існавання.

Як прагучала, абрад Дзесятуха дайшоў да нас з тых часоў, калі людзі пакланяліся прыродным багам і выбіралі для іх ушанавання асаблівыя месцы, звычайна каля вады. Тут будаваліся свяцілішчы або капішчы, якія складаліся з 3 частак (падземнай, ніжняй і верхняй). Функцыю сувязі паміж Богам і чалавекам звычайна выконвалі драўляныя або каменныя ідалы. З прыходам хрысціянства старадаўнія славянскія свяцілішчы зніклі, бо былі перабудаваны пад цэрквы.

Аб чым жа прасілі людзі багоў на Дзесятуху? Ёсць думка, што звярталіся яны да багіні Маці-Зямлі, да Бога Пяруна. Прасілі зберагчы іх ад маланкі і пажара, уратаваць пасевы ад градабою і ліўняў, маліліся аб добрым ураджаю. У памяці людской яшчэ захаваліся звесткі аб тым, як на Дзесятуху плялі «грамавыя» вяночкі з жоўтых кветак, якія распускаліся каля вады. У хрысціянскі час такія вяночкі асвяшчалі ў царкве, а потым прыносілі ў дом і захоўвалі пад абразамі.

Звярталіся ў сваіх мальбах люді і да язычніцкай багіні Макошы, якая лічылася пакравіцельніцай лесу, дамашняга ачага, жаночага шчасця і рукадзелля. У якасці ахвяры Макошы прыносілася пража, якая кідалася ў калодзеж, крыніцу. Пазней замест пражы сталі павязвацца рушнікі.

З прыходам хрысціянства пакланенне багіні Макошы, якое адбывалася ў пятніцу, замянілася пакланеннем Параскеве Пятніцы.

У нашых мясцінах з Дзесятухай быў звязан пачатак збору лекавых траў, вязання венікаў для лазні, пачатак збірання ягад, бо лічылася, што на Дзесятуху паспявае кожная 10-я ягада.

Ніводны абрад не абыходзіўся без культавых сімвалаў. У беларусаў да іх адносіліся дрэвы і жывёлы, крыху пазней — чуры, лялькі, абрусы, іконы, рушнікі. Пабачыць старажытныя геаметрычныя арнаменты, даведацца аб іх сакральным сэнсе ўдзельнікам свята прапанавала этнаграфічная выстаўка рэгіянальных рушнікоў, сабраных у вёсках раёна «Бацькоў багацце — у спадчыну нашчадкам». Асобая ўвага прысутных была засяроджана на рушніку з ахоўнымі сімваламі Бога Пяруна. Па жаданню кожны мог не толькі пацікавіцца іх магічным значэннем, але і прайсці пад рушнікамі, каб набыць ахоўную сілу ад маланкі і грому на цэлы год.

Персанальная выстава В.А. Марчанкі «Традыцыйная лялька — знак духоўнай культуры народа» знаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з каляндарна-абрадавымі, сямейна-абрадавымі, абярэгавымі, ігравымі і сувенірнымі лялькамі.

Прасякнуцца духам народных рамёстваў запрашала выстава-продаж раённага Дома рамёстваў, на якой увазе ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства былі прадстаўлены не толькі сувенірная прадукцыя, але і цацкі, абярэгі, лялькі, зробленыя ў народных традыцыях і з прыродных матэрыялаў. Таксама свае вырабы, зробленыя з газетных трубачак, прадставілі работнікі Ленінскага СДК.

Асабісты каларыт святочнаму адпачынку надавалі і фальклорныя спевы творчых калектываў Горскага і Ленінскага СДК, клуба ветэранаў «Дабрыня», якія не толькі ўзбагачалі адпачынак, але і раскрывалі прыгажосць духоўнай спадчыны роднай зямлі.

Кульмінацыйным момантам мерапрыемства стала абрадавае асвяшчэнне вады іерэем Кірылам.

Алеся СІДАРЭНКА
Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт