17 мая 2024, 09:48
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 14 декабря 2015 16:15

Філасофія жыцця Ніны Яцутка

Калі бачыш Ніну Фядосаўну Яцутка ў народным касцюме на сцэне, на свяце, успрымаеш яе маладой кабетай. І дата яе нараджэння 08.08.1944 года здзіўляе і выклікае павагу да гэтай жывой, актыўнай і таленавітай жанчыны. Як прызнаецца Ніна Фядосаўна, спявае яна ўсё жыццё — спявае, калі працуе, калі адпачывае...

Жанчына з цеплынёй успамінае, як добра і весела ўмела адпачываць вясковая моладзь у часы яе маладосці. «Па чарзе дзяўчаты рыхтавалі пятачкі-пляцовачкі для танцаў і забаў. Расчысцім, размяцём каля чыёй-небудзь хаты, вадой пабрызгаем, пальём, каб пылу не было, і танчым да паўночы. За вечар разоў некалькі даводзілася паліваць вадой той пятачок, так, бывала, разойдзецца гулянне — пыл узнімаецца! Ой, прыгожа гулялі! У суседнія вёскі ўсім гуртом наведваліся. За дарогу, бывала, столькі напяешся, столькі песень успомніш!»

Ніне Фядосаўне і сёння не патрэбен час, каб успомніць тую ці іншую песню — яна «выдае» іх адразу! І тым каштоўней яе рэпертуар, чым «старэй» песня. А такіх памяць жанчыны захоўвае шмат.

Памятае спявачка і тэрміны выканання народных песень, бо амаль кожная з іх прымяркоўвалася да пэўнага цыклу земляробчага календара. Усе песні Ніна Фядосаўна размяркоўвае па гэтых цыклах, прыгаворваючы: «Арол мой» — гэта восеньская, «Памажы нам, Божа, вясну загукаці» — вясенняя, «Ой, куды мне з гора дзецца» — ільняная, пелі, калі лён бралі... Ведае іх Фядосаўна з дзяцінства і з цеплынёй успамінае, як вучылася спяваць ад маці ды такіх жа сялянак, як яна сама.

Толькі восеньскіх песень Ніна Фядосаўна ведае каля дзесятка, а між тым фалькларысты-даследчыкі лічаць, што восеньскія песні бытавалі пераважна ў цэнтральнай і заходняй частцы Беларусі. Вось якія рэдкія і ўнікальныя жамчужыны захавала гэта вясковая жанчына і падаравала іх у фальклорны куфэрак Краснапольшчыны!

Слухаеш гэту простую жанчыну і ловіш сябе на думцы, што яна, пэўна, нават не здагадваецца, якім багаццем валодае. У яе рэпертуары — каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, сямейна-бытавыя, пазаабрадавыя песні.

Н.Ф. Яцутка нястомна папулярызуе фальклор разам з мясцовым песенным калектывам «Спадчына» Пачапоўскага СДК. Спявае ў складзе ансамбля, дуэтаў або сольна.

Мастацкі кіраўнік ансамбля Людміла Яўгенаўна Каратцова з асаблівай любоўю і цеплынёй адгукваецца аб спявачцы, бо ніводнае свята ці канцэрт не абыходзіцца без Фядосаўны.

«А чым і як можна хуценька абнавіць рэпертуар? Дастаткова звярнуцца да Фядосаўны — і гучыць новая песня. А колькі ў жанчыны задору і весялосці! Нам, маладзейшым, вучыцца і вучыцца такому стаўленню да жыцця!» — усхвалявана дзеліцца Людміла Яўгенаўна. А потым дадае: «Бачылі б вы яшчэ і яе вышыванкі! Вось гэта чалавек — майстар ва ўсім».

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт