27 апреля 2024, 00:53
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Четверг, 28 февраля 2019 20:32

Роднай мове прысвячалася

Днямі ў ДУК «Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей» прайшла метадычна-творчая гасцёўня пад назвай «Не адракуся спадчыны маёй». Удзел у ёй прынялі супрацоўнікі ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», сельскіх клубных устаноў, а таксама ўсе тыя, хто не абыякавы да роднай мовы.

Як было адзначана арганізатарам мерапрыемства, метадыстам раённага Цэнтра культуры В.А. Марчанкай, 21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. У гэтым годзе ён праходзіў ужо ў дваццаты раз.

На зямлі існуе каля сямі тысяч моў. Каля двум тысячам пагражае небяспека, бо яны могуць страціць апошняга свайго носьбіта. Кожны месяц на зямлі знікае па некалькі моў.

ЮНЕСКА вызначае жыццё мовы па дзевяці крытэрыях. Так, напрыклад, для захавання мовы, як лічаць вучоныя, трэба, каб на ёй размаўляла каля ста тысяч чалавек. Адзін з крытэрыяў: даступнасць вучэбнага матэрыялу і адносіны да мовы ўнутры грамадства.

У залежнасці ад крытэрыяў і вызначаецца стан мовы. Яе катэгорыі: мова знаходзіцца ў бяспецы, палажэнне мовы выклікае небяспеку, мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, мова знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы, мова знаходзіцца ў крытычным стане і мова знікае. Калі казаць пра беларускую мову, то яна, на жаль, адносіцца да катэгорыі «палажэнне мовы выклікае небяспеку».

Аб гісторыі Міжнароднага дня роднай мовы прысутным расказала А.В. Кандраценка. Так, гэты дзень быў зацверджаны ў лістападзе 1999 года рашэннем генеральнай сесіі ЮНЕСКА з мэтай аховы моўнай і культурнай разнастайнасці. Паколькі датай было выбрана 21 лютага, першыя ўрачыстыя падзеі адбываліся ў 2000 годзе.

21 лютага было выбрана не выпадкова. У гэты дзень у далёкім 1952 годзе ў горадзе Даке ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю і патрабавалі зрабіць бенгальскую мову адной з дзяржаўных.

Родная мова — гэта адначасова і культура, і спадчына народа. Дзень роднай мовы — асаблівы для кожнай нацыі, для кожнага народа, бо не існуе народа без мовы, а мовы без народа.

Беларуская мова з’яўляецца адной са старэйшых славянскіх моў. З ёй мы звязваем імя нашага славутага земляка Францыска Скарыны. У яго гонар бібліятэкар Галіна Каваленка напісала верш, які і прачытала на мерапрыемстве.

Жывыя носьбіты беларускай культуры ўнікальны. На Краснапольшчыне адной з такіх з’яўляецца вядомая спявачка беларускіх песень Н.Ф. Яцутка. На мерапрыемстве яна азнаёміла прысутных з абрадавымі песнямі, якія спявалі нашы продкі з даўніх часоў.

Урачыстым момантам мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага паэтычнага конкурсу «Мы на матчынай мове жывём», арганізатарамі якога выступіла рэдакцыя райгазеты «Чырвоны сцяг. Краснаполле» і аматарскае літаратурнае аб’яднанне «Світанак». Конкурс быў прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Згодна яго палажэнню, у сваіх вершах удзельнікам конкурсу трэба было выказаць любоў да роднай мовы, сваёй Радзімы (вялікай і малой), ушанаваць яе вялікіх дзеячаў, знакамітых асветнікаў.

Так, дыпломамі 1-й ступені былі ўзнагароджаны Галіна Каваленка і Дзяніс Кустоў. Дыпломамі 2-й ступені — Святлана Сазонова і Галіна Яўсеенка.

Пераможцы раённага конкурсу прачыталі прысутным свае вершы, якія прывялі іх да перамогі.

Трымаючы слова перад удзельнікамі метадычна-творчай гасцёўні, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.М. Раманенка зазначыла: «Вельмі прыемна, што сярод іншых свят ёсць і абвешчаны ЮНЕСКА Міжнародны дзень роднай мовы. На жаль, невялікі працэнт беларусаў размаўляюць на матчынай мове. Але ўсё ж прыемна адзначыць, што на ўсіх узроўнях, пачынаючы са сталіцы г. Мінска, у абласным цэнтры існуе частка беларусаў, якія робяць усё магчымае, каб наша беларуская мова існавала і далей, для будучых пакаленняў, папулярызуюць яе. Удвая прыемна, што такія людзі жывуць і ў нашым Краснаполлі.

Вялікі дзякуй вам за тое, што вы захоўваеце нашу родную мову».

Прыемным момантам мерапрыемства стала аб’яўленне падзякі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.А. Марчанцы за работу па папулярызацыі беларускай мовы.

Тэкст і фота Алены БРАТАЧКІНАЙ

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт