Краснопольский районный исполнительный комитет - Дакраналiся да каштоўнасцяў малой радзiмы
20.09.2022

Дакраналiся да каштоўнасцяў малой радзiмы

Далёкіх продкаў спадчына не згіне,
Дзірван мінуўшчыны імкнемся мы ўзараць.
Мой родны край: вядомы, невядомы,
Яго і будзем разам пазнаваць.

Гэтыя словы ўжо не ўпершыню прагучалі ў зале Краснапольскага РЦК. Цікаўнасць да культурна-гістарычнай спадчыны ў трэці раз падштурхнула краязнаўцаў сабрацца на рэгіянальныя чытанні «Мой край: вядомы, невядомы». А вершаваныя радкі сталі эпіграфам для мерапрыемства, накіраванага на раскрыццё каштоўных і малавядомых старонак гісторыі і культуры свайго рэгіёна, малой радзімы.

У гэтым годзе чытанні былі прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, бо культурна-гістарычная спадчына ўяўляе сабой вялікую каштоўнасць, якая валодае сапраўднай здольнасцю яднаць грамадства.

Краязнаўчыя чытанні ў гэтым годзе адбыліся з удзелам краязнаўцаў Краснапольскага раёна і памежнага з ім Краснагорскага раёна Бранскай вобласці.

Свае матэрыялы краязнаўцы прадстаўлялі ў самых розных формах — праз паведамленні, праз творчыя праграмы і прэзентацыі, праз выстаўкі, агляды, інтэрв’ю, відэафільмы і іншыя.

У намінацыі «Народная творчасць» былі прадстаўлены краязнаўчыя даследванні: па абрадавай дзейнасці — са здабыткаў народнага фальклорнага ансамбля «Горскія харашухі» Горскага СДК (кіраўнік В.А. Марчанка), дзе прысутныя пазнаёміліся с дэманстрацыяй аўтэнтычных касцюмаў, ручнікоў і абраду «Навіна»; інфармацыю па рэканструяваных ручніках, сабраных у ходзе экспедыцый на Краснапольшчыне, і іх дэманстрацыю падрыхтавалі майстры РДР; асаблівасці драўлянай беларускай цацкі раскрываў А.В. Ганчарэнка, член Саюза майстроў Беларусі, чалавек нястомны ў сваіх пошуках, які прадэманстраваў і сваю калекцыю цацак; тапонімы і гідронімы наваколля сваёй вёскі, паходжанне якіх заснавана на мясцовых легендах і паданнях, прадстаўляла Г.М. Каваленка, загадчыца Ленінскай сельскай бібліятэкі; даследваннем фальклорных вобразаў дзіцячага фальклору дзялілася метадыст па традыцыйнай культуры В.А. Марчанка.

Выступленні ўдзельнікаў у гэтай намінацыі суправаджаліся выстаўкамі, паказамі, дэманстрацыяй, слайдамі, жывым выкананнем фальклору і інш.

Асобна ў гэтай намінацыі была прадстаўлена выстаўка выдавецкай краязнаўчай літаратуры метадычнага аддзела Краснапольскага РЦК, багатая на даследчыя і творчыя работы, значнасць якой ужо паспелі ацаніць тыя, хто імкнецца запаліць ідэяй Бацькаўшчыны карыстальнікаў паслуг сваіх устаноў культуры.

А яшчэ ўсе ўдзельнікі чытанняў пад гукі гармоніка ў руках носьбіта музычнага фальклору А.І. Андрыянава змаглі прыняць удзел у майстар-класе па засваенню бытавога танца «Зялёная рошча», адчуўшы радасць яднання і аб’ядноўваючага пачуцця.

У наступнай намінацыі «Гістарычная спадчына» краязнаўчыя работы прадставілі Дз.М. Манько, супрацоўнік рэдакцыі раённай газеты «Чырвоны сцяг. Краснаполле», якая зрабіла агляд краязнаўчых матэрыялаў, размешчаных на старонках газеты за апошні год; старэйшы навуковы супрацоўнік УК «Краснапольскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей» В.І. Лазовік, які адкрыў новыя імёны ўраджэнцаў Краснапольшчыны братоў Брагіных; спецыяліст Краснапольскай цэнтральнай бібліятэкі

А.І. Чарткова падрыхтавала выступленне па гісторыі сельскагаспадарчай галіны раёна.

У намінацыі «Літаратурнае краязнаўства» была прадстаўлена выстаўка мастацкай літаратуры; адбылася прэзентацыя некаторых твораў, заснаваных на гістарычных фактах, сярод якіх твор С. Кухарава «Бунт у Бірулях», выданне «Гераічныя лёсы» аўтараў з г. Крычава А. Балдоўскага і М. Сыча; знаёмства з вершамі членаў народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання «Світанак», з якіх таксама можна атрымаць звесткі пра родны край, яго мясціны, абрады, быт, падзеі.

Знайшлося месца на краязнаўчых чытаннях і для таго, каб падзяліцца вопытам арганізацыі работы па краязнаўству. Гэта намінацыя ўключала выступленні з вопыту работы спецыяліста Краснапольскай цэнтральнай бібліятэкі Л.Ф. Канаплёвай і спецыяліста Любаўшанскай пасялковай бібліятэкі МБУК «Краснагорская ЦМРБ» Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі К.Дз. Пешкавай.

Мерапрыемства наведала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М.В. Разгонава.

Яна выказала шчырую падзяку ўсім удзельнікам чытанняў і іх арганізатару — метадысту па традыцыйнай культуры В.А. Марчанка, адзначыла, што ўдзельнікі III рэгіянальных краязнаўчых чытанняў на Краснапольшчыне прадэманстравалі прыклад адказных і трапяткіх адносін да захавання культурна-гістарычнай спадчыны свайго роднага краю, імкнуліся адкрыць новыя і малавядомыя старонкі гэтай спадчыны, якая з’яўляецца для ўсіх нас сапраўднай каштоўнасцю і аб’ядноўваючым пачаткам.

Таму гарманічна ў ход краязнаўчых чытанняў увайшло і падвядзенне вынікаў рэгіянальнага творчага конкурсу «Прыгарні ты да сэрца Радзіму», які быў арганізаваны народным аматарскім паэтычным аб’яднаннем «Світанак». Ён змяшчаў тры рознажанравыя намінацыі і быў прысвечаны Дню народнага адзінства.

З відэазваротам да ўдзельнікаў чытанняў выступіў глава адміністрацыі Краснагорскага раёна Бранскай вобласці С.І. Сцепанідзенка. Ён павіншаваў прысутных з Днём народнага адзінства і падкрэсліў значнасць тых гістарычных момантаў, якія з’явіліся асновай для гэтай даты.

Валянціна МАРЧАНКА
Фота Дзіны МАНЬКО

Copyright 2012 Краснопольский районный исполнительный комитет - Дакраналiся да каштоўнасцяў малой радзiмы. Краснопольский районный исполнительный комитет

Разработка и сопровождение: Государственное предприятие «МОЦИС», г. Могилев

Free Joomla Theme by Hostgator