19 апреля 2024, 21:17
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 16 июля 2019 21:11

Мой родны кут, як ты мне мілы...

Зыходзяць чарнобыльскія вёскі ў нябыт, знікаюць з карты населеных пунктаў той ці іншай мясцовасці, зарастаюць хмызняком ды пустазеллем былыя вуліцы і скрыжаванні дарог. І толькі ў цэпкай чалавечай памяці яны поўняцца галасамі вяскоўцаў, застаюцца шматлюднымі ды вясёлымі, як бурлівая рака. Наперакор усяму такія паселішчы застаюцца жыць, жыць да тае пары, пакуль жывуць на гэтым свеце апошнія насельнікі такіх адселеных вёсак.

Менавіта такі незайздросны лёс напаткаў і вёсачку ў Мхініцкім сельскім Савеце з паэтычнай назвай Журавы. (Дарэчы, па словах вяскоўцаў, працэнтаў шэсцьдесят мясцовых прозвішчаў зыходзіць з назвы вёскі — Жоравы). Быццам тая прыгожая і велічная птушка журавель, жораў, па найменню якой была дадзена назва населенаму пункту, каб магла, паднялася б вёска ў неба і паляцела разам са сваімі жыхарамі падалей ад гэтых сумных месцаў, густа пасыпаных чарнобыльскім стронцыем ды цэзіем. Але вёска не птушка, крылаў не мае. Апусцелая і пакінутая, але жывая душой, бы родная маці з бацькоўскага гнязда, адпусціла яна сваіх дзяцей у пошуках лепшай долі.

Шукалі яе жураўцы ў іншых мясцінах. Хтосьці знайшоў, а камусьці і сёння прыходзяць у снах мілыя сэрцу краявіды, навяваючы самоту ды тугу. Раскідала чарнобыльская навала аднавяскоўцаў па малых і вялікіх гарадах і сельскіх населеных пунктах па ўсёй Беларусі. У Гомелі, Магілёве, Мінску, Дрыбіне, Краснаполлі, Глуску знайшлі сабе працу і жытло. Толькі родная вёска памятае пра кожнага. І чамусьці ўсё часцей так шчыміць сэрца па той сцяжынцы за акном, па роднай хаце і кузні пры дарозе, што хочацца хоць на хвілінку апынуцца ў Журавах, каб наталіць смагу па роднай зямлі, зямлі сваіх продкаў.

Гадоў восем ці дзевяць назад дадумаліся аднавяскоўцы з усіх віроў з’язджацца ў родныя мясціны. І калі ўжо жыць на параненай Чарнобылем зямлі небяспечна, то хоць раз у год адвесці душу на Радзіме, пагаварыць з суседзямі, пахадзіць па мілых сэрцу зарослых хмызняком вуліцах, прытуліцца да родных бяроз.

— Канешне, сустракаліся адзін з адным мы і раней, калі прыязджалі на Радаўніцу, — расказвае адзін з галоўных ініцыятараў і арганізатараў штогадовых сустрэч жураўцаў на малой радзіме У.М. Жораў. — Але ў дзень памінак кожнаму хочацца пабыць на родных магілах, як кажуць, аддаць даніну павагі сваім блізкім, якіх ужо няма сярод жывых. Таму і вырашылі выбраць такую дату, якая ў дачарнобыльскія гады яднала і прываблівала. Такім аказаўся Іванаў дзень.

Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, усведамленне неабходнасці такіх сустрэч прыйшло не адразу. Колькі гадоў спатрэбілася, каб і сэрцам, і розумам дайсці да гэткай высновы. Пэўна, павінен быў прайсці нейкі адрэзак часу для асэнсавання роднасці і еднасці ўсіх, хто жыў калісьці ў гэтых мясцінах. І няхай раскідаў іх лёс па розных гарадах ці сельскіх населеных пунктах, ім ёсць аб чым пагаварыць, ёсць што ўспомніць і паведаць адзін аднаму, таму што яны — родныя людзі — аднавяскоўцы.

З тае пары і пачалі былыя жыхары Журавоў сазваньвацца ды дамаўляцца, хто з кім, як і калі прыедзе ў родныя мясціны.

...І ажыла пакінутая вёска. Быццам нявеста перад спатканнем з каханым, каторы год чакае яна запаветнага 6 ліпеня, чакае, каб кожным лісточкам, кожнай кветачкай ды травінкай, народжанай у родных мясцінах, абняць, прытуліць да грудзей матухны-зямлі сваіх дзяцей. Зразумелымі цяпер здаюцца і старэйшаму, і маладому пакаленню вяскоўцаў натужлівыя старадаўнія песні тых, хто жыў на чужбіне, бо на роднай старонцы і сонца ярчэй свеціць, і жаўрукі пяюць весялей, і вада крынічная смачней.

Здаецца, толькі павекі прыкрыеш — вось ён, родны куточак, перад вачыма. Незадоўга да адсялення тут заставалася 56 дамоў. Вунь там была пачатковая школа, за ёй стаялі брыгадная майстэрня, памяшканні фермы, цялятнік, гумно, саўгасныя склады. А пры дарозе — кузня. Тое таямніча-прыцягальнае месца, што вабіла дзятву. Жарон з кузні сёння ляжыць на ўездзе ў вёску як напамінак аб працавітых ды гаспадарлівых людзях Журавоў.

А якія базары ладзіліся ў гэтых масцінах! Недалёка, у суседніх Мхінічах, усяго кіламетры тры ад Журавоў. З Гомельшчыны, з Браншчыны прыязджалі. Шаша побач з Журавамі гудзела ад машын, падвод і людзей. Не паспеюць патухнуць купальскія вогнішчы, як на досвітку гадзін з 4 распачынала сваю дзею шчымліва-радасная з’ява сялянскага жыцця — базар.

— Базар пачынаўся ад Мхініцкай крынічкі ў бок аптэкі, — успамінае Уладзімір Мікалаевіч. — І ў асноўным цягнуўся ў бок Свярбілаўкі (п.Перамога). А ўніз да маста стаялі коні, машыны.

Мы ж з вечара пачыналі вогнішча паліць. Бывала, што і дровы ў кагосьці раскідвалі ці калітку здымалі. Але не са злобы. А ўранні ішлі паглядзець, чаго яшчэ набедакурыла і наша, і іншыя кампаніі.

Каля трыццаці жураўцаў сабраліся на вёсцы на Івана Купалу сёлета. Можна было назіраць, як на ўездзе ў населены пункт, акурат перад паклонным крыжом з іконай Маці Божай, супыняліся машыны. Вяскоўцы, якія выходзілі з іх, кідаліся насустрач адзін да аднаго, каб абняцца ды пацалавацца. Быццам гэта не насельнікі адной вёскі сабраліся, а людзі, звязаныя кроўнай роднасцю. І не падуладны гэтыя роднасныя сувязі ні Чарнобылю, ні часу.

— Дужа дружныя былі гэтыя суседнія вёскі, — успамінае дачарнобыльскае жыццё жыхарка в. Буглаі Ала Калініч, якая таксама прыехала сустрэцца з сябрамі, хоць сама і не жураўская. — І цяпер сябруюць. Збіраюцца кожны год 6 і 7 ліпеня.

Краснапальчане Н.М. Шарахоўская, М.І. Заіка, В.М. Палеенка таксама з гэтых месц. Нехта да Чарнобыльскай аварыі жыў у Завадку, нехта ў Журавах. З тае пары, калі ў 1976 годзе абодва населеныя пункты зліліся ў адзін пад назвай Завадок, усе яны лічаць сябе аднавяскоўцамі.

Сёння самаму старэйшаму жыхару Журавоў М.Л. Маторыну 94 гады. Жыве ў Гомелі. Вельмі ўжо хацеў Мікалай Лявонавіч прыехаць у родны куток, ды дочкі не пусцілі. Усё ж такі салідны ўзрост. А колькі год самаму малодшаму жураўцу, як падлічыць? Калі мець на ўвазе год Чарнобыльскай аварыі, то колішнія дзеці цяпер сталыя людзі. Абзавяліся сем’ямі. Як У.М. Жораў, прыязджаюць на малую радзіму з жонкамі, сынамі ды нявесткамі. Калі весці гаворку пра немаўлят, якія нарадзіліся ў тым жа Глуску ці Магілёве, то і яны жураўскія, бо карані іх роду адсюль, з Журавоў.

Немаладога ўзросту і ўражэнка гэтых мясцін Т.І. Карнеенка. Спачатку разам з мужам паехала да дачкі на Віцебшчыну. Але потым вярнулася ў наш раён, дзе ў агр. Тур’я ёй выдзелілі калгасны дом. Працавала ў саўгасе «Завадоцкі» на свінарніку, а затым даяркай на Клясінскай ферме. Зараз на пенсіі.

— Прыязджаю сюды часта. Прыеду, наплачуся, тады ўязджаю, — распавядае Таццяна Ігнатаўна і дадае: — Аддалі б мне маю хату...

Апошнія словы жанчыны заміраюць на вуснах, а на вачах наварочваюцца слёзы. Што сёння яны, жураўцы, могуць зрабіць для роднай вёскі? Наўрад ці ўзрадзіцца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі жыццё ў гэтых маляўнічых мясцінах. Ці ёсць у тым сэнс? Але ж пакінуць памяць аб любым сэрцу куточку Краснапольшчыны насельнікі чарнобыльскай вёскі палічылі сваім абавязкам. Сабраліся, параіліся і ўстанавілі сёлета на Купалле памятны камень с таблічкай. А на ёй выгравіраваны надпіс: «д. Журавы. Ты прости, что тебя мы оставили... Отселена в 2002 г.» На таблічцы крыж ды анёлы — нябесныя ахоўнікі вёскі, якую ўжо немагчыма зберагчы.

На цырымоніі адкрыцця памятнага камня гучалі словы той жа песні. Гучалі так жаласліва і пранікнёна, быццам не аўтар, а самі людзі склалі гэтыя вершаваныя радкі і просяць прабачэння ў малой радзімы, што не дала ім радыяцыя застацца ў Журавах назаўсёды.

Як сведчаць архіўныя крыніцы, вайна забрала з вёскі 22 яе насельнікаў. Чарнобыль прымусіў пакінуць вёску ўсіх, хто ў ёй пражываў.

Нямала цёплых, пранікнёных слоў пра сілу прыцягнення малой радзімы, яднанне, духоўную роднасць, сувязі добрасуседства, асобыя пачуцці да мілага сэрцу куточка зямлі гаварылі ў той дзень старшыня раённага Савета дэпутатаў А.А. Гоман, старшыня Мхініцкага сельскага Савета А.В. Шпунтава, запрошаныя на цырымонію адкрыцця памятнага камня, жыхары Журавоў У.М. Жораў і М.І. Заіка. Сутнасць усіх прамоў звадзілася да аднаго: трэба так любіць сваю малую радзіму, каб гэтая любоў перадалася іншым. Не толькі жыхарам чарнобыльскіх вёсак, а тым, каму жыць на гэтай зямлі пасля нас. Жыць, любіць і бараніць родныя мясціны ад любой бяды, так, як рабілі гэта нашы бацькі, дзяды ды прадзеды.

Тамара БРАТАЧКІНА
Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт