23 апреля 2024, 15:38
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 26 февраля 2019 22:00

Тут жыву і тым ганаруся

Яркім і эмацыянальна насычаным відовішчам стала творчая справаздача Яноўскага сельскага Савета і сельвыканкама па выніках работы за 2018 год, якая адбылася на мінулым тыдні ў сельскім Доме культуры агр. Яноўка.

Мясцовым жыхарам заўсёды да спадобы тыя канцэрты і іншыя мерапрыемствы, што ладзяць для іх работнікі мясцовай установы культуры разам з самадзейнымі артыстамі. А ў той вечар у глядзельнай зале сабраліся і старыя, і малыя, ды так, што, як кажуць, яблыку недзе было ўпасці. Творчая справаздача, разрэкламаваная загадзя сярод вяскоўцаў, выклікала такі інтарэс яшчэ і таму, што яе асновай стала тэма малой радзімы і людзей, якія жывуць, працуюць на роднай зямлі і ўносяць дастойны ўклад у яе развіццё.

Гасцямі свята сталі старшыня раённага Совета дэпутатаў А.А. Гоман, першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.С. Шалавінскі, старшыня Мхінічскага сельвыканкама Г.В. Шпунтава, супрацоўнік РАУС І.С. Шалавінскі.

Своеасаблівым знакам павагі і гасціннасці да гасцей стала ўручэнне хлеба-солі старшыні раённага Савета А.А. Гоман. Не засталіся без увагі і ўдзельнікі свята з ліку вяскоўцаў. Два духмяных караваі, акуратна разрэзаныя парцыённымі кавалачкамі, арганізатары мерапрыемства разнеслі па глядзельнай зале, чым выклікалі шчырыя словы ўдзячнасці сваіх землякоў.

Правядзенне творчых справаздач на яноўскай зямлі стала традыцыйным і з’яўляецца свайго роду падвядзеннем вынікаў работы як сельскага Савета, так і сельвыканкама за 2018 год. Аб тым, чаго дасягнулі ў мінулым годзе і над чым яшчэ трэба працаваць у бягучым прысутным распавядала старшыня сельвыканкама Н.Л. Лагуціна.

Як адзначыла Наталля Леанідаўна, галоўным накірункам у рабоце было павышэнне эфектыўнасці дзейнасці мясцовай улады, умацаванне ўзаемадзеяння з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі ў пытаннях выканання прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскага Савета максімальная рэалізацыя правоў і паўсядзённых, жыцёвых запытанняў грамадзян, далучэнне іх да вырашэння пытанняў, якія маюць грамадскае значэнне.

Як сказала Н.Л. Лагуціна, у 2018 годзе працягвалася работа па выкананню нарматываў сацыяльных стандартаў, падтрыманню на належным узроўні аптымальнага парадку гандлёвага, бытавога, медыцынскага і транспартнага абслугоўвання насельніцтва сельскага Савета.

Пэўная ўвага надавалася інфармацыйнаму забеспячэнню насельніцтва праз работу інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, сацыяльна-інфармацыйнага цягніка «Клопат», праз выязныя мерапрыемствы і сустрэчы с насельніцтвам. У ходзе такіх сустрэч жыхары населеных пунктаў звярталіся па пытаннях жыллёва-камунальнага характару, наконт ачысткі дарог, асвятлення вуліц, рамонту шахтных калодзежаў і ўтрымання хатняй жывёлы. Па словах старшыні сельвыканкама, па ўсіх пытаннях і зваротах грамадзян былі дадзены тлумачэнні. Звароты выконваліся без парушэнняў тэрмінаў.

Навядзенне парадку на зямлі, правядзенне добраўпарадкавання населеных пунктаў — тэма, якая з’яўляецца адной з першачарговых. З гэтай нагоды сельвыканкамам быў распрацаваны адпаведны план мерапрыемстваў, а таксама аб’яўлена правядзенне агляду-конкурсу сярод устаноў і арганізацый, якія размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета і сярод домаўладальнікаў. Неабыякавасць насельніцтва навакольных вёсак да таго месца, дзе жывуць і працуюць, зацікаўленнасць у выніках добраўпарадкавання і наведзення парадку дало станоўчыя вынікі. Многія тэрыторыі ўстаноў і арганізацый таксама як і дамы вяскоўцаў набылі прывабны, дагледжаны выгляд, з’яўляюцца прыкладам для іншых.

Знайшліся і сродкі ўздзеяння да нядбайных. Сумесна с аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавальнай службай райвыканкама, супрацоўнікамі РАУС быў праведзены шэраг рэйдаў-праверак санітарнага стану, ачысткі і добраўпарадкавання вуліц населеных пунктаў. У выніку грамадзянам было выпісана 283 прадпісанні, сельвыканкамам складзены адзін адміністратыўны пратакол.

Акрамя таго, сумесна с землеўпарадкавальнай службай пэўны аб’ём работ праведзены па выяўленню зямельных участкаў, якія пустуюць і далучэнню іх у сельгасабарот. Па выніках інвентарызацыі зямель у сельгасабарот далучана 42 га.

Акрамя таго старшыня сельвыканкама супынілася на такіх важных пытаннях дзейнасці, як рэалізацыя Дэкрэта № 3, выкананне патрабаванняў Указа № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». А таксама аб падрыхтоўцы да выканання мерапрыемстваў па арганізацыі і правядзенню перапісу насельніцтва, рабоце наглядальнай камісіі Яноўскага сельвыканкама, забяспечыўшай стопрацэнтнае даследванне домаўладанняў. Падрабязна азнаёміла і з вынікамі работы савета грамадскага пункта аховы правапарадку і яго ўзаемасувяззю с працоўнымі калектывамі.

Не прамінула Наталля Леанідаўна супыніцца на такой значнай падзеі для жыхароў сельскага Савета, як устанаўленне і асвяшчэнне крыжа ў в. Палуж-1 на тым месцы, дзе раней стаяла царква. Ініцыятарам стаў ураджэнец вёскі Пётр Нятылька, якога падтрымалі мясцовая ўлада і землякі.

З цікаўнасцю ўспрынялі ўдзельнікі мерапрыемства інфармацыю аб праектнай дзейнасці на тэрыторыі сельсавета. Дарэчы, аб рэалізацыі ініцыятывы мясцовага фонду развіцця «Старт-Усход» пад назвай «Яноўка — хакейная сталіца Краснапольшчыны» і ініцыятывы «Палужскі край», якая ажыццяўлялася ў рамках праекта «Майстэрня мясцовых экалагічных ініцыятыў для развіцця мікрарэгіёнаў» вяскоўцы добра ведаюць, бо і самі маюць да іх дачыненне. Таксама як і аб рэалізацыі праекта «Павышэнне ролі і патэнцыялу мясцовага бізнес-супольніцтва ў развіцці вёскі». Усе названыя ініцыятывы ў канчатковым выніку накіраваны не толькі на развіццё тырыторыі сельскага Савета, але і на стымуляванне самазанятасці грамадзян.

Нямала добрых слоў выказала Н.Л. Лагуціна ў адрас дэпутатаў і прадстаўнікаў органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Па словах Наталлі Леанідаўны, яны — найпершыя памочнікі ў рабоце з насельніцтвам. У ліку самых актыўных С.У. Васільева, А.А. Федзіна, Л.І. Мардуева, Т.В. Юрасёва, дэпутат раённага Савета І.С. Кузюрын.

Па пытаннях захавання супрацьпажарнай бяспекі, захавання законнасці і правапарадку на тэрыторыі населенных пунктаў Яноўскага сельскага Савета на справаздачы выступілі першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.С. Шалавінскі і супрацоўнік РАУС І.С. Шалавінскі.

Змястоўнай і насычанай аказалася творчая частка справаздачы, удзельнікамі якой сталі не толькі работнікі мясцовага Дома культуры, але і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з ліку настаўнікаў і вучняў мясцовай школы, жыхароў аграгарадка.

Праз усе нумары канцэртнай праграмы звязваючым звяном праходзіла тэма малой радзімы, павагі і любові да землякоў, да роднай зямлі і сваіх каранёў. Рэпертуар удзельнікаў быў падабраны так, што ў песнях выканаўцы выказвалі павагу да роднага краю, славілі руплівых працаўнікоў на бацькоўскай зямлі, любаваліся роднымі краявідамі, дзяліліся з гледачамі асабістымі пачуццямі любові і замілавання да ўсяго наваколля.

...І гучала са сцэны песня на мове нашых продкаў, на роднай беларускай мове. Асабліва ўдала атрымоўвалася ў ансамбля народнай песні «Яначкі», вядомага не толькі сваім, мясцовым гледачам, але і ў раёне. Моцнымі, звонкімі галасамі ўсхвалялі яго ўдзельнікі бацькоўскую хату, тыя мясціны і той край буслоў, дзе нарадзіліся, выраслі, дзе засталіся жыць. Пранікнёна і сардэчна ў выкананні ансамбля прагучала аўтэнтычная песня, якую спявалі ў в. Курбакі Яноўскага сельскага Савета прыкладна з 1918 года, — «Шэрыя галянятачкі». У ёй апавядаецца пра лёс маладога салдата, які прасіў свайго камандзіра адпусціць яго дамоў да маладой жонкі і роднага сыночка. Здаецца, не самадзейныя артысты распавядалі гледачам пра нялёгкі перыяд рэкруцтва ў даўнія часы, а сама душа чалавечая стагнала ад невыноснага жалю і болю па мілых і блізкіх сэрцу людзях.

Надзвычай арганічна ўпісалася ў канву канцэрта лірычнае выступленне Кацярыны Еўзікавай. «Наша зорачка» — так шматабяцальна аб’явілі дзяўчыну вядучыя мерапрыемства. У параўнанні з іншымі Кацярына са сваім цудоўным голасам сапраўды нагадвала званочка-жаваронка ў нябеснай вышыні. Яна гэтак жа тонка і ўзвышана выводзіла кожную ноту песні.

Нямала ў той вечар прагучала і іншых добрых песень, жартоўных вершаў, было паказана гумарыстычных сцэнак, якія радавалі гледачоў, выклікалі ўсмешкі залы і доўгія апладысменты ў знак падзякі і прызнання талентаў сваіх артыстычных землякоў.

— Заўсёды захапляюся тымі вяскоўцамі, якія шчыра ўлюбёны ў той родны куток зямлі, дзе жывуць, у сваю малую радзіму і ўслаўляюць яе сваёй творчасцю і сваёй працай, — падвяла вынікі мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў А.А. Гоман, звяртаючыся да арганізатараў і ўдзельнікаў творчай справаздачы. — Хачу шчыра падзякаваць усім за тое, што вы любіце сваю зямлю і імкнецеся рабіць яе прыгажэйшай. Вы разумееце, што разам маеце магчымасць зрабіць больш і лепш для сваіх землякоў, для свайго роднага куточка. Таму любая справа, за якую бярэцеся, атрымоўваецца ў Яноўскім сельскім Савеце добра, сумленна і з любоўю.

Тамара БРАТАЧКІНА
Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт