23 апреля 2024, 10:01
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 25 января 2019 16:31

Каб не згубілася нешта важнае

Не сакрэт, што многія абрады знаходзяцца на мяжы выжывання. І не толькі з-за пазіцыі сучаснага грамадства, якое верыць у тэхнічны прагрэс, але яшчэ і таму, што ўміраюць носьбіты гэтых абрадаў, так і не перадаўшы нікому свае сакральныя веды.

Якраз пра гэта і ішла гаворка паміж захавальнікамі і носьбітамі Варвараўскай “Свячы” у г. п. Краснаполле. Абрад адбыўся ў доме яго захавальніцы Любові Іванаўны Шнаравай 17 снежня. У гэты дзень, як вядома, праваслаўная царква адзначала дзень вялікай пакутніцы Варвары.

Вядома, што ў народзе ў 19–20 стагоддзях распаўсюджваўся абрад “Свяча” – абрад пэўнай супольнасці людзей па ўшанаванні свячы і іконы, якія складалі адзіны комплекс. Такія абрады былі духоўнымі цэнтрамі, свайго роду займеннікамі царквы, якая была не ў кожнай вёсцы ці закрывалася, асабліва ў 20-30 гады мінулага стагоддзя. Як адгукваюцца самі людзі аб неабходнасці свечных абрадаў, ім “трэба ж было недзе прытуліць галаву”.

Псіхалогія такіх абрадаў сапраўды ўражвае. Іх удзельнікаў аб’ядноўвае ўключанасць у сакральны свет і змест абраду, узгодненасць дзеянняў і засяроджанасць на ўнутраным свеце чалавека.

Апошнім часам мне пашчасціла адкрыць і вывучыць некалькі “свечачных” абрадаў на Краснапольшчыне. Гэта “Свечы” да вясновага і зімовага Міколы ў агр. Халмы і вёсцы Казелле, захавальнікамі якіх з’яўляюцца І.М. Казлова і В.І. Акіншава. Блізкія да іх абрады – “Аброчныя абеды”, што на працягу дзесяцігоддзяў ладзяць жыхары вёскі Буглаі намаганнямі іх захавальнікаў В. І. Калініч і Н. Р. Саранковай. 

…І вось Варвараўская “Свяча” у г. п. Краснаполле. Вялікая пакутніца Варвара – жаночая заступніца. Да яе звяртаюцца жанчыны, якія просяць цяжарнасці і нараджэння дзіцяці; якія просяць падараваць здароўя дзецям; а вернікі і ўдзельнікі абраду ўслаўляюць Варвару, дасылаюць да яе свае малітвы, псалмы і песні духоўнага зместу.

А, як вядома, кожнаму даецца па веры яго. Гэту ісціну пацвердзілі мне і жанчыны, якія сабраліся на абрад у доме Любові Іванаўны Шнаравай. А яшчэ з іх разважанняў я пачула, што не трэба цалкам упаваць на Бога. Чалавек перш-наперш павінен сам старацца і “весці сябе па жыцці” –  тады Гасподзь яму дапаможа. 

“Мы жывём з Божжай помаччу, по–мач–чу! Не здарма ж так кажуць. І нечага ўсяго гатовага і цалкам чакаць ад Бога. У першую чаргу старайся сам”, – выказала сваю думку В.І. Калініч, якой нямала выпала ў жыцці, але жанчына захоўвае аптымізм, упэўненасць у справядлівасць жыцця, веру і надзею.

Сама ж Любоў Іванаўна Шнарава, захавальніца “Свячы” на Варвару, адгукнулася пра абрад так: “Мяне пужае нават думка пра тое, што я яго кіну, не правяду, не збяру людзей, не запалю гэту свечку, якую калісь запаліла мая маці, адшукаўшы ў дарожным пылу абразок Варвары”. Жанчына прызналася, што яе клапоціць: турбуе думка, што тады згубіцца нешта важнае ў яе сям’і, доме, жыцці; што могуць здарыцца непрыемнасці і нечаканасці.

“А ў мяне ж дзеці, за якіх заўсёды баліць душа, у якім бы ўзросце яны ні былі і па якіх бы шляхах ні ішлі і ні ехалі”, – прызнаецца Любоў Іванаўна. Члены сям’і падтрымліваюць  жанчыну і дапамагаюць ёй у захаванні абраду, як і яе сяброўкі. Наведваюць святочную дзею і жанчыны з вёскі Буглаі, дзе карані Любові Іванаўны.

 Ладзіць Варвараўскую “Свячу” пачала яшчэ маці Любові – Вера Сазонаўна Падзянкова. Нагадаю, з якой аказіі ўсё пачалося.

Аднойчы разам з іншымі жанчынамі вёскі Буглаі яна ўбірала на лузе калгаснае сена. Стомленыя жанчыны паклалі граблі і прыселі адпачыць збоч дарогі. Над лугам палілася песня. Вера сядзела ў задуменні на абочыне і ў такт песні гладзіла рукой цёплы пясок дарогі. Раптам яна адчула пад далонню нешта цвёрдае. Жанчына дастала знойдзены прадмет – ім аказалася маленечкая іконка святой пакутніцы Варвары. Вера абдзьмула абразок ад пылу і завязала вузельчыкам у кончык хусткі.

…У паўсядзённых клопатах аб хаце, аб калгаснай працы ішоў час. Аднойчы жанчына прачнулася ад незвычайнага поклічу ў сне: “Ты што, дзеўка, ляжыш?! Час гасцей збіраць!”. Вера ўсхапілася ад нечаканасці і кінулася да мужа: “Ой! Ты толькі паслухай, што мне прыснілася! Я такой высокай, чарнявай дзяўчыны ніколі і не бачыла, а яна мне загадала гасцей збіраць!” 

Вера абярнулася, яе позірк упаў на хатнюю ікону ў чырвоным куту, і яна войкнула: “Гэта Варвара! Святая Варвара! Я ведаю…”

На календары было 17 снежня.

“Тады ідзі, збірай баб, запальвай свечку”, – падтрымаў муж.

У той вечар запрошаныя Верай жанчыны вёскі Буглаі ссукалі свячу і справілі малебен у гонар святой пакутніцы Варвары.

…На гэты раз, 17 снежня 2018 года, мне давялося ўбачыць і патрымаць у руках гэты незвычайны абразок, знойдзены Верай Сазонаўнай. Ён маленькі, з металу, які пацямнеў; акруглы; памерам, можа, з сучасны рубель ці крыху менш. На двух яго баках – выявы святых: на адным, наколькі давялося разгледзіць, абразы Пятра і Паўла (на маё бачанне, але я магу памыляцца), на другім – Варвары (пра гэта сцвярджае і захавальніца абразка, бо ёй так растлумачыў і нейкі святар).

Любоў Іванаўна беражліва захоўвае гэты абразок, лічыць яго сямейнай рэліквіяй і абярэгам. Акрамя гэтай маленечкай выявы святой, у жанчыны ёсць ікона Варвары ў драўляным акладзе, якая таксама ўваходзіць у адзін комплекс са свячой.

У рытуалы Варвараўскай “Свячы”, на якую збірае Л. І. Шнарава, уваходзяць маленне, чытанне малітвы аб здароўі, песнапенні духоўнага зместу, рытуальная трапеза, якая складаецца з посных страў.

Яшчэ раз давялося ўпэўніцца, што ў аснове абрадавага дзейства ляжаць узаемадапамога, падтрымка, узаемапавага, ушанаванне жывых і тых, якія памерлі, каму мы абавязаны жыццём. Таму застаецца ад такіх абрадаў святло ў думках і душы, удзячнасць да захавальнікаў і носьбітаў гэтых абрадаў.

І яшчэ. Чаму я карыстаюся любымі магчымасцямі данесці інфармацыю пра абрады, пра традыцыйную культуру продкаў да шырокай аўдыторыі? Таму, што да народнай традыцыйнай культуры трэба адносіцца беражліва і асцярожна, удумліва яе вывучаць і засвойваць. Таму што ў аснове кампанентаў культуры ляжыць адукаванасць, інфармаванасць і выхаванасць. Трэба стукаць ў душы людзей, у тым ліку і нашых дзяцей.

Чырвоны сцяг

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт