16 апреля 2024, 22:20
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 14 декабря 2018 23:17

Назвы забытых рэчак Краснапольшчыны

Мяне заўсёды асабліва прываблівалі гісторыя, геаграфія і літаратура. Перапляценне гэтых навук ляжыць у аснове ўсіх маіх артыкулаў.

Артыкул, што прапануецца чытачу, уяўляе сабою аповед пра тое, што азначала назва забытай рэчкі Касмачоўкі ў агр. Леніна.

Леніна (да 1967 г. — Гніліца) — аграгарадок у Горскім сельскім Савеце, за 10 км ад Краснаполля. Праз вёску праходзіць міліярацыйны канал, злучаны з ручаём — прытокам р. Каўпіта. Вось гэты меліярацыйны канал у мінулым быў рэчкай Касмачоўкай.

Працягласць вадацёка, які можна назваць рэчкай, павінна быць10 км. Вадацёк, які менш за 10 км, называецца ручаём. Касмачоўка цяпер — гэта меліярацыйны канал працягласцю 7 км. У мінулым гэта была рэчка працягласцю больш за 10 км. Пачыналася гэта рэчка з балот пад назвай Кіслашчэеўка і Ходараўскае, што на поўдзень ад пасёлка Вясёлы.

У пачатку XX ст. на гэтай рэчцы быў ставок, штучна зроблены пруд, дзе жыхары купаліся, лавілі рыбу, мылі (пралі праннікамі) бялізну.

Я памятаю, як мы ў дзяцінстве каталіся па яго склонах на санках і лыжах. Знаходзіцца гэты ставок за пабудовай сучаснай пошты агр. Леніна.

Што азначае назва Касмачоўка? Магчыма, тут жыў нейкі чалавек па прозвішчу Касмач? Давайце прааналізуем гэту назву і вызначым, што на самай справе яна азначала.

Назва рэчкі Касмачоўкі аформлена па-славянску. Яе нашы продкі ўспрымалі менавіта як рэчку, а не як ручай.

Назва гэта цікава тым, што ў ёй можа бачыць адлюстраванне былых часоў і даўніх падзей, звязаных са зменай насельніцтва. Старажытных балтаў і фіна-ўграў змянілі славяне. Славянскія перасяленцы ўзаемадзейнічалі ля берагоў Касмачоўкі не толькі са старажытнымі балтамі, але і з фіна-ўграмі.

Нашы назіранні паказваюць, што старажытныя гідронімы, каранёвыя асновы якіх выяўляюцца на розных тэрыторыях былой суперэтнічнай кантактнай зоны, могуць матывавацца на аснове фактаў розных старых і новых моў і дыялектаў, у якіх захаваліся адпаведныя словы.

Назва Касмачоўка складаная, двухасноўная, утворана двумя каранёвымі гідранімічнымі асновамі: -кас- і -мач- .

Каранёвая гідранімічная аснова -кас- у розных фанетычных варыянтах выяўляецца таксама ў гідронімах Касінка, Касна, Касянка, Кошна, Кашанка, Коска, Козка (басейн Сожа), Касенка, Касавая, Косава, Касожа, Касуха, Кошка, Кошча, Кашэлка, Кашанка, Кашыра (басейн Акі).

Такім чынам карані -кас- , -кос- звязаны з асновамі кос(к), кас(к), кош(к), якія вядомы ў фіна-ўгорскіх і цюрскіх мовах у значэннях «расчышчаннае месца ў лесе», «пажога», «голае, пустое месца», «сухі, высахлы», «мель».

Каранёвая аснова -мач- славянская па паходжанні і з’яўляецца варыянтам нейкай старажытнай «праасновы» з агульным значэннем «вада» (параўнайце: «мокры», «мачыць», «замочаны» — акунуты у ваду, або акружаны вадой).

Можна думаць, што назва Касмачоўка фарміравалася паступова на працягу стагоддзяў. Спачатку ў якасці назвы ўжывалася першая частка гідроніма -кас- , магчыма, -каса- . Яна разумелася ў значэнні «мелкая рэчка, па берагах якой вядзецца высяканне ці выпальванне лесу пад пашу». Потым носьбіты індаеўрапейскіх гаворак дадалі да фіна-ўгорскага гідроніма каранёвую аснову -мач- , бо ўспрынялі сам аб’ект як мясцовасць, акружаную, затопленую навокал вадой, якая ўлетку высыхае і там можна займацца земляробствам, касіць траву. У падтрымку гэтай версіі можна прывесці назву высахлага, абмялеўшага балота на левым беразе гэтай рэчкі, каля агр. Леніна, з агульнай назвай Касіцкі.

Так, у выніку складання двух розных найменняў узнікла назва рэчкі Касмачоўка, якая цяпер знікла і пазначана на сучасных геаграфічных картах у выглядзе меліярацыйнага рова.

Людзі абжывалі гэтыя мясціны з сівой старажытнасці, таму і назву Касмачоўка можна заканамерна лічыць свайго роду «рэліктам» мінулых стагоддзяў. Моўным фактам, які пакінулі пасля сябе плямёны, што жылі на берагах ракі яшчэ да прыходу сюды славян.

Падрыхтаваў М. Шпунтаў

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт