25 апреля 2024, 01:31
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Четверг, 12 апреля 2018 21:16

«Літаратурная спадчына Міколы Ткачова»

Літаратурную гадзіну пад такой назвай правялі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Ткачова. Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння нашага земляка — пісьменніка, імя якога і носіць бібліятэка.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі супрацоўнікі ўстановы. Яшчэ былі запрошаны ветэраны раённай ветэранскай арганізацыі, выхаванцы аддзялення дзённага прабывання для маладых інвалідаў і іншыя госці.

Прысутныя былі азнаёмлены з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка. Як прагучала, Мікола Ткачоў нарадзіўся ў в. Горанка, у сялянскай сям’і. Таму, як зразумела, яму змалку давялося прайсці ўсю хлебаробную навуку: араць, баранаваць, касіць, малаціць. Усё гэта рабіла яго больш сталым і мужным, гартавала. А шчырую любоў да роднага слова, літаратуры яму прывіла яго першая настаўніца Н.П. Дабрасердава, якую ён заўсёды ўспамінаў з удзячнасцю.

Аповед пра пісьменніка суправаджаўся відыя-слайдамі. На працягу літаратурнай гадзіны яе ўдзельнікі прасачылі не толькі важныя жыццёвыя падзеі М. Ткачова: вучобу ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі на планава-эканамічным факультэце, службу ў арміі, удзел у Вялікай Айчыннай вайне, пераезд у Мінск і далейшы працоўны шлях, звязаны з літаратурнай творчасцю і г.д., але і пазнаёміліся з шэрагам твораў, напісаных яго рукою. Пад час гэтага знаёмства адбылося і абмеркаванне ўрыўка з кнігі «Дыханне агню», да якога запрасіў М.Л. Пугачоў.

Знайшлі водгук у ўдзельнікаў мерапрыемства і словы М. Ткачова, якія ён уклаў у вусны свайго героя ў апавяданні «Пошукі скарбаў». А словы вось якія: «Скарбы тояцца не толькі пад зямлёй. Іх шукаюць у змаганнях, у працы, у даляглядах краю, у поціску рукі сябра і пацалунку каханай, у расінцы на пялёстку кветкі... Яны быццам зоркі-маякі на дарозе шчасця. Можа часам здарыцца, што і не дасягне чалавек таго, да чаго так стараўся ісці, але ўсё роўна будзе адчуваць сябе шчаслівым ад усведамлення, што ён шчыра ішоў, шукаў і жыў пошукамі».

І ў гэтых глыбокіх па зместу словах — увесь М. Ткачоў. Пісьменнік і працаўнік, які знайшоў самы лепшы скарб — чалавечую любоў, чалавечую ўдзячнасць.

Пад уражаннем пачутага, у тым ліку і народных песен мінулых часоў, прагучаўшых на мерапрыемстве ў выкананні ветэранаў народнага клуба «Дабрыня», разыходзіліся яго ўдзельнікі. Усе былі згодны ў думцы: мы можам ганарыцца тым, што наш край — радзіма пісьменніка.

Дзіна МАНЬКО

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт