19 апреля 2024, 18:50
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 10 октября 2017 17:28

Сфера культуры вёсак — унікальны пласт жыцця

Сфера культуры вёскі ўяўляе сабой унікальны пласт жыцця, які ўбірае ў сябе ўзоры народнай творчасці і аматарскага мастацтва. Сённяшні час адзначаецца павышанай увагай да рэгіянальнай культуры, гісторыі, якія з’яўляюцца часткай нацыянальнай культуры краіны.

Значная роля ў захаванымі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны належыць клубным установам, асабліва сельскім. Бо менавіта на сяле, у вёсачках захаваліся яшчэ жывыя носьбіты народнай культуры — знаўцы песень, абрадаў і іншых жанраў фальклорнай спадчыны.

На сённяшні дзень у ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» налічваюцца 7 сельскіх дамоў культуры, 1 сельскі клуб, 1 сельскі клуб-бібліятэка.

Галоўнымі задачамі гэтых устаноў з’яўляюцца захаванне традыцыйнай культуры, развіццё самадзейнага мастацтва, стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу насельніцтва і яго духоўнасці.

Сёння даволі востра паўстае пытанне зберажэння і актуалізацыі фальклорнай спадчыны, перадачы яе падрастаючаму пакаленню.

На базе СДК у 2017 годзе толькі па засваенню традыцыйнай культуры працуе 11 клубных фарміраванняў для дзяцей. Гэта гурткі па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, па засваенню этнаграфічных ведаў і новы гурток «Бацькаўшчына» на базе новай па форме ўстановы Палужскага клуба-бібліятэкі.

Гурткі па ДПМ Яноўскага СДК (кіраўнік гуртка Л. В. Крапіўніцкая), Горскага СДК (кіраўнік гуртка Л. У. Васількова), Ленінскага СДК (кіраўнік гуртка А. У. Кандраценка) сталі сапраўднымі творчымі майстэрнямі па засваенню дзецьмі ўмельства пляцення з газетнай лазы, вырабу лялек, бісерных сувеніраў і іншай творчай прадукцыі. Адзначаныя кіраўнікі гурткоў не толькі добра валодаюць методыкай правядзення заняткаў, але ўвесь час заклапочаны ў засваенні новых відаў народных рамёстваў і ДПМ. Выстаўкі гурткоўцаў ствараюць атмасферу творчасці і народнасці, якая, як вядома, сагравае душу чалавека, яднае яго з зямлёй таленавітых продкаў.

Плеценыя вырабы Л. В. Крапіўніцкай і яе выхаванцаў (Яноўскі СДК) упрыгожваюць клубную ўстанову, набываюцца ў якасці сувеніраў, нават запатрабаваныя гасцямі з Італіі і Бельгіі.

Сваім майстэрствам кіраўнікі гурткоў дзеляцца з калегамі. Напрыклад, толькі ў 2017 годзе А. У. Кандраценка (Ленінскі СДК) правяла для клубных работнікаў 2 майстар-класы, 2 выставы і адкрыты паказ.

З мэтай захавання лепшых узораў лакальнай культуры Краснапольшчыны пры кожнай сельскай клубнай установе створаны этнаграфічныя пакоі (хаткі), праз экспанаты якіх і захапляльныя праграмы раскрываюцца прыгажосць народнай творчасці, мудрасць продкаў, маральныя ўрокі жыцця і выкарыстоўваецца іх глыбокі выхаваўчы патэнцыял.

Новае жыццё набылі этнаграфічныя пакоі праз удзел у раённым праекце «Шануй сляды мінулага». Клубныя работнікі выкарыстоўваюць этназборы ў якасці выстаў, пазнавальных і забаўляльных праграм, базы для даследчай дзейнасці і ў якасці асяроддзя для сцэнічных форм абрадавай культуры.

Фальклорна-этнаграфічная аснова гэтых мерапрыемстваў — сродак захавання народнай спадчыны Краснапольшчыны і далучэння да яе падрастаючага пакалення.

Добра арганізавана работа этнапакоя Яноўскага СДК, дзе вучні мясцовай школы з’яўляюцца яго пастаяннымі наведвальнікамі. Актывізавалі збіральную і творчую дзейнасць у этнакутках Тур’яўскі, Халмянскі СДК.

«Адносіцца да культуры трэба з павагай», — такое правіла для сваёй работы абрала малады спецыяліст Тур’яўскога СДК А. Трыфаненка і ў якасці мастацкага кіраўніка ўстановы і кіраўніка клубных фарміраванняў прыкладвае ўсе намаганні, каб на новы ўзровень падняць усё лепшае ў вопыце работы свайго СДК і ўнесці нешта новае. За 9 месяцаў яе работы разам з дырэктарам установы З. А. Смаршковай, актывізавалася дзейнасць этнапакоя, дзіцячых гурткоў, ажывілася мастацкая самадзейнасць, забяспечваўся ўдзел СДК ва ўсіх раённых праектах і конкурсах.

Гісторыя і культура Краснапольшчыны добра ўвасоблены ў народнай песні, абраднасці і іншых жанрах фальклору.

За апошнія 3 гады калектывы актыўна засвойвалі методыку збірання мясцовай культурнай спадчыны, яе пераймання і ўвядзення ў жыццё, бо яна хуткімі тэмпамі знікае разам з вёскамі і ўходам з жыцця носьбітаў фальклору.

Унікальным захавальнікам мясцовага фальклору з’яўляецца народны фальклорны ансамбль «Горскія харашухі» (кіраўнік В. А. Марчанка), які добра вядомы на абласным узроўні, дэманструе прыгажосць аўтэнтычна-фальклорнай спадчыны Краснапольшчыны праз удзел ва многіх значных праектах, фестывалях і конкурсах вобласці, праз удзел у вучэбна-метадычных формах работы.

На аснове сабраных і засвоеных фальклорных матэрыялаў у рэпертуары гэтага калектыва такія абрадавыя дзействы як Талака, Дажынкі, Зажынкі, Юр’е, Купалле, Вяселле і інш. А сярод архаічных песень з іх рэпертуару можна знайсці песні, прымеркаваныя да кожнага каляндарнага абрада і свята.

На аснове дзейнасці гэтага калектыва створана і добрая метадычная база: з выданнем рэпертуарных зборнікаў, абагульненнем матэрыялаў экспедыцый, абагульненнем вопыту работы.

Унікальнымі захаванымі песеннымі творамі сваёй мясцовасці можа пахваліцца і фальклорны ансамбль Яноўскага СДК. Кіраўнік ансамбля «Яначкі» Т. В. Яфімчык збірае песні вёсак Курбакі, Яноўка, пасёлка Перадавы і ўмела арганізуе працэс іх засваення калектывам. Прыгожа спявае і сама ў якасці салісткі. Фальклорныя спевы гэтага аддаленага ад Краснаполля кутка — каштоўная культурная з’ява.

Актывізаваў сваю фальклорную дзейнасць і ансамбль «Ярыца» Халмянскага СДК (кіраўнік ансамбля Н. А. Дзегцярова), актыўна папаўняючы свой рэпертуар песнямі, якія спрадвеку спяваліся ў мясцовых вёсках. Акампанемент на гармоніку В. М. Саранкова стварае асаблівы мясцовы каларыт гучання для гэтага калектыва, які ўзяў кірунак на развіццё і ўдасканаленне выканання роднай песні.

Увабраўшы ў сябе сінтэз багатых культур трох славянскіх народаў, краснапольская зямля захавала свае фальклорна-этнаграфічныя асаблівасці. Фальклор гэта памяць сваёй зямлі. І гэта памяць можа знікнуць, калі не прыкладваць намаганні да яе захавання, рэтрансляцыі, фарміравання пачуцця прывязанасці да малой радзімы.

Матэрыялы падрыхтавала Валянціна МАРЧАНКА

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт